Фільтраваць
Імёны
Падзеі
Помнікі
Рэгіён
Прадметы
Установы
Спадчына: Музеі

 

 

Сядзібна-паркавы ансамбль ХVІІІ ст. у в. Скокі Брэсцкага раёна – помнік архітэктуры барока і садова-паркавага мастацтва, адзін з нямногіх на Беларусі, што цудам захаваўся да нашага часу. Планіроўка ансамбля рэгулярная сіметрычна-восевая, у цэнтры знаходзіцца двухпавярховы панскі дом. Аднапавярховыя бакавыя флігелі і капліца-пахавальня не зберагліся. За домам – парк рэгулярнага тыпу з цэнтральнай і дзвюма бакавымі паралельнымі алеямі, якія выходзяць да ракі Лясная.

Музей гісторыі горада Брэста быў заснаваны 28 лютага 1990 г., адкрыты 25 ліпеня 1998 г. як філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. З 1 студзеня 2007 г. музей стаў структурным падраздзяленнем аддзела культуры гарвыканкама. Дырэктар музея – Святлана Аляксееўна Тамчук.

Установа размешчана ў асабняку (вул. Леванеўскага, 3), пабудаваным у 1928 г. па праекту польскага архітэктара Юліяна Лісецкага (1881–1944). Будынак з’яўляецца помнікам архітэктуры, уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (112Е000002). Прамавугольны ў плане цагляны будынак з невялікім прысядзібным пляцам. Об’ёмна-прасторавая кампазіцыя заснавана на кантрасце прыземістага паверха і высокага пластычнага даху. Бакавыя фасады і фігурны атык мезаніна дэкараваны лапаткамі, люкарнамі, сандрыкамі. На першым паверху – трохпакаёвая кватэра, у мансардзе – двухпакаёвая. Асобныя ўваходы ў кватэры размешчаны ў нішах галоўнага фасада. Нішы створаны дзвюма аркамі з вуглавой апорай, перакрыты крыжовымі сводамі.

Пружанскі раённы выканаўчы камітэт 24 ліпеня 1993 г. выдаў загад аб стварэнні раённага краязнаўчага музея. Першапачаткова музей размяшчаўся ў будынку бібліятэкі, якой на дадзены момант няма, і складаўся з экспанатаў, сабраных абласным краязнаўчым клубам «Спадчына». У 1998 г. музей быў перанесены ў будынак гарадскога сядзібнага дома — помніка архітэктуры, пасля яго рэстаўрацыі ў 1989–1998 гг.

Гісторыя Пружанскай гарадской сядзібы багатая і цікавая. Яе з’яўленне і росквіт звязаны з родам Швыкоўскіх, тры пакаленні якіх валодалі Пружанамі. Пры апошнім — Валенціі Швыкоўскім (1817–1990) — у сярэдзіне ХІХ ст. па праекту вядомага італьянскага архітэктара Фрацыска Марыя Ланцы быў пабудаваны ў стылі неарэнесансу сядзібны дом, які сталі называць «палацыкам» (маленькі палац). Дом асіметрычны, 1–3-павярховы, складаецца з дзвюх груп рознавялікіх аб’ёмаў, злучаных аднапавярховым корпусам і 4-павярховай вежай.

У в. Дастоева Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці, якая звязана з імем слыннага рускага пісьменніка Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага, даўно існавала ідэя стварэння літаратурна-краязнаўчага музея. Першыя экспанаты, прысвечаныя вызваленню Дастоева ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, былі сабраны першым дырэктарам Дастоеўскай школы Сямёнам Мартынавічам Крапчуком. У 1960-я гг. настаўніца рускай мовы і літаратуры Людміла Леанідаўна Раманава стварыла куток Ф. М. Дастаўскага.

Брэст — важны чыгуначны вузел на магістралі Варшава – Масква. У горадзе вырасла не адно пакаленне чыгуначнікаў, якія любяць сваю справу, шануюць чыгуначную тэхніку. У гады перабудовы ветэран-чыгуначнік Аркадзь Віктаравіч Прывецень сабраў групу энтузіястаў і стаў збіраць у лакаматыўным дэпо Брэст старую тэхніку, рамантаваць яе па магчымасці.

Творы мастакоў і скульптараў Брэсцкай вобласці з 1951 г. збіраў Брэсцкі абласны краязнаўчы музей. Паступова склалася значная калекцыя выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якая патрабавала адпаведнага раскрыцця. У 1998 г. было прынята прынцыповае рашэнне аб стварэнні мастацкага музея. Для новага музея выдзелілі памяшканне (агульная плошча 1670 кв. м) у Паўднёвай казарме Цытадэлі Брэсцкай крэпасці, дзе правялі капітальны рамонт, устанавілі новыя вокны і сучасную ацяпляльную сістэму.

Канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега ў 1598 г. стаў уладальнікам мястэчка Ружаны (цяпер гарадскі пасёлак Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці), пабудаваў тут замак. У ХVІІ ст. замак магнацкага роду Сапегаў стаў цэнтрам палітычнага і культурнага жыцця ВКЛ. У час вайны са шведамі ў 1696–1699 гг. замак быў разбураны і спалены. У другой палове ХVІІІ ст. пры Аляксандру Сапегу на гэтым месцы па праекце архітэктара Яна Самуэля Бекера пабудавалі палацавы комплекс.

Мотальскі музей народнай творчасці заснаваны ў 1983 г. па ініцыятыве Міністэрства культуры БССР і калгаса «40 год Кастрычніка» на падставе «Плана правядзення мерапрыемстваў па арганізацыі музея-заказніка народнай і самадзейнай творчасці Мотальскага рэгіёна», распрацаванага сумесна творчай групай раённага аддзела культуры, рэспубліканскага навукова-метадычнага цэнтра, праўленнем калгаса «40 год Кастрычніка».

Столінскі раённы краязнаўчы музей быў заснаваны па рашэнні райвыканкама ад 1 жніўня 1953 г. Ля вытокаў стварэння стаялі першы дырэктар Вера Мацвееўна Очкіна і навуковы супрацоўнік Яўстафій Юльянавіч Высоцкі. Іх рукамі і энтузіязмам амаль на пустым месцы была створана першая экспазіцыя, якая адкрылася 5 лістапада 1955 г. Размяшчалася яна на другім паверсе двухпавярховага будынка па вул. Леніна, 3, меліся дзве экспазiцыйныя залы плошчай 53 кв. м — прыроды і гісторыі.

Ваенна-гістарычны музей імя Д. К. Удовікава ў г. Драгічыне Брэсцкай вобласці адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў 25 жніўня 1994 г. Яго летапіс ствараўся дзякуючы ўдзелу розных, але аднолькава неабыякавых людзей — ад ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны да маладых энтузіястаў.

Старонка 1 з 3